Першы керамічны фестываль адбыўся ў Крэва!

Першы керамічны фестываль адбыўся ў Крэва! 24.08.2014

Першы керамічны фестываль адбыўся ў Крэва!

У гэты летні дзень старажытнае мястэчка Крэва стала сапраўднай керамічная сталіцай Беларусі. Тут, ля сцен Крэўскага замка, у якім стагоддзі таму вяршыліся лёсы не толькі людзей, але і цэлых дзяржаў, сабраліся лепшыя беларускія керамісты. Гэта і Падняпроўе , і брэсцкае Палессе, і цэнтральная Міншчына - больш за 20 майстроў. Свята праходзіла пад знакам Лялівы – старадаўняга гербу Крэва.

“Крэва здаўна славіцца ганчарствам, а жыхароў вёскі часта называюць ганчарамі. Хтосьці ўспрымае гэта спакойна, хтосьці злуе, аднак нашы патомкі, нашы продкі былі славутымі майстрамі. Ёсць звесткі, што нашы землякі ў далёкім 18-19 стагоддзях удзельнічалі ў міжнародных выстаўках і кірмашах прысвечаных вырабам з гліны,” – паведаміў на адкрыцці фестывалю Сяргей Леанідавіч Капыш (старшыня Крэўскага сельскага савету).

Свята атрымалася цудоўным! Ганчары дэманстравалі сваё майстэрства, праводзілі майстар класы, дзе можна было прыняць удзел і дарослым і дзецям, дзяліліся сваім вопытам у роспісе і абпале вырабаў. На вялікай ярмарцы можна было набыць мноства гліняных сувеніраў - ад чароўнай свістулькі да талеркі ці збаночка. Дарэчы, амаль усе майстры з’яўляюцца членамі саюза майстроў Беларусі , штогод прымаюць удзел у шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх выставах і пленерах (Наталля Гайдук, Наталля Руссiян, Алеся Чэрнiкава, Зміцер Каптур, Віталій Шэпелевіч, Тамара Тромза, Алег Капуста і інш.)

Пры падтрымцы валанцёраў праводзіліся арыгінальныя гульні для дзяцей і дарослых, рэканструкцыі рыцарскіх баёў, батлейка. Нельга было прамінуць спеўны сход арганізаваны Сяржуком Доўгушам. Усім жадаючым можна было пакатацца на возе праслухаўшы экскурсію пра вёску Крэва. На працягу ўсяго мерапрыемства гучала фальклёрная музыка ў выкананні як месных калектываў, так і гасцей фестывалю – этна-гурт “Горынь”, гурт “Паўночная сухадроўка”, Гурт "Miareža.  Завяршылася свята фольк-дыскатэкай, якую арганізавала беларускае студэнцкае этнаграфічнае таварыства.

У раёне спадзяюцца, што сёлетні этна-фэст Керамікі – гэта толькі пачатак адраджэння рамяства і плануюць у наступным юбілейным годзе (630 год з падпісання Крэўскай уніі) арганізаваць міжнародны фестываль.


Возврат к списку