Пад дахам роднай Крэўскай школы

23.01.2016

Пад дахам роднай Крэўскай школы

18 студзеня 1966 адбылася значная падзея ў жыцці вёскі Крэва і яе жыхароў: адчыніла дзверы новая двухпавярховая школа са спартыўнай залай, сталовай, майстэрняй, дзясяткам новых абсталяваных кабінетаў. У той дзень прайшлі дзве ўрачыстыя лінейкі. Першая — каля будынка старой школы. Вучні і настаўнікі развіталіся з родным будынкам. Другая лінейка прайшла ўжо ў сценах новай школы. Першым яе дырэктарам быў М. А. Новік.

З таго часу праляцела паўстагоддзя. Сёння хочацца азірнуцца назад, нават больш чым на паўстагоддзя, таму што папярэднікі гэтай навучальнай установы тут былі яшчэ тры стагоддзі таму. Азірнуцца і згадаць гісторыю школы, людзей, якія ўнеслі бясцэнны ўклад у выхаванне падрастаючых пакаленняў і пакінулі добрую памяць аб сабе.

У лёсе кожнага чалавека ёсць свая школа, з якой пачынаецца яго жыццёвы шлях, у сценах якой чалавек вучыцца жыццю, стасункам, сяброўству, адказнасці.

У гэтым артыкуле я хачу расказаць не толькі пра гісторыю станаўлення і развіцця Крэўскай школы, але і пра людзей, якія працавалі ў розныя часы ў нашай установе.

Першыя звесткі пра школу адносяцца да 1636 года. У той год паўстаў у Крэве новы будынак касцёла. Сярод касцельнай маёмасці, старанна запісанай у інвентарную кнігу, значыцца і будынак школы, які размяшчаўся побач з плябаніяй. Гэта не дзіўна, бо ў тыя часы адукацыяй займаліся ў асноўным духоўныя ўстановы: цэрквы, касцёлы, манастыры. У 1846 г., калі беларускія землі знахо-дзіліся ў складзе Расійскай імперыі, у Крэве было заснавана народнае вучылішча, у якім вучыліся 70 падлеткаў і працавалі двое выкладчыкаў. Усе чатыры класы размяшчаліся ў адным пакоі. Вучні, якія паспяхова спраўляліся з іспытамі, маглі працягваць вучобу ў гарадскіх вышэйшых пачатковых вучылішчах альбо ў Барунскай двухкласнай школе. Народнае вучылішча праіснавала да Першай сусветнай вайны.

крево1.jpg
Крэўская школа 20-х гадоў мінулага стагоддзя.
У 1921годзе Крэва апынулася ў складзе Польшчы. Польскім уладам неабходна было прывучаць беларусаў да таго, што цяпер яны – палякі. На змену палітыкі русіфікацыі прыйшла паланізацыя. Палякамі была пабудавана ў Крэве новая школа. Сярод настаўнікаў тагачаснай Крэўскай школы, якія прыбылі сюды ў асноўным з глыбіні Польшчы, было шмат адданых справе людзей: Я. Рабайчык, І. Аляхновіч, З. Бандаровіч і іншыя. Вучні, якія поўнасцю праходзілі курс навучання ў Крэўскай школе, атрымоўвалі грунтоўныя веды. Многія з іх працягвалі вучобу ў Ашмянскай гімназіі, пасля паступалі ў Віленскі ўніверсітэт, у іншыя навучальныя ўстановы. У верасні 1939 года Крэва аказалася ў скла- дзе БССР. Школа працягвала сваю працу, але навучанне ўжо вялося на беларускай мове.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Крэве дзейнічала школа пры царкве Святога Аляксандра Неўскага. Ініцыятарам яе адкрыцця быў святар Міхаіл Леванчук. Настаўніцамі ў школе працавалі дачка святара Ларыса і пляменніца Валянціна. Выкладанне вялося на беларускай мове. Менавіта за гэту акалічнасць усе яны былі расстраляны байцамі арміі Краёвай у сакавіку 1944 г.

7 ліпеня 1944 года Крэва было вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў. Ужо ў ліпені на тэрыторыі Смаргонскага раёна распачалі сваю дзейнасць тры школы: у Смаргоні, Залессі і Крэве. Школа размяшчалася ў тым жа будынку, дзе была школа пад Польшчай, па вуліцы Багданаўскай. Наведвалі яе вучні рознага ўзросту. Першым пасляваенным дырэктарам школы быў Пётр Фёдаравіч Шкаруба.

У 1951 годзе дырэктарам школы стаў Васіль Цімафеевіч Дзешкавец. У Крэва на працу прыехалі новыя настаўнікі: хімію выкладала В. К. Пальчэўская, рускую літаратуру Л. А. Бутарава, беларускую літаратуру З. Я. Куксіна. Завучам школы працавала Л. А. Бутарава.

Настаўніцай пачатковых класаў працавала заслужаная настаўніца Беларусі Кацярына Лукінічна Дзешкавец, якая ў 1972 годзе была ўзнагароджана значком “Выдатнік народнай асветы Беларусі”.

У 60-я гады ў школу прыйшла цэлая пляяда маладых настаўнікаў, якія назаўжды звязалі свой лёс не толькі са школай, але і з Крэвам: У. М. Ламаноўскі, Р. С. Страх, М. К. Страх, А. К. Страх, У. К Страх, М. Ф. Пугацэвіч, Т. М Савіцкая, Р. А. Капыш, З. М. Дурко, Р. М. Стасіловіч.

У 1966 годзе, пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўнівер-сітэта, у школу прыйшла працаваць Раіса Аляксееўна Капыш. Выкладала матэматыку і фізіку. Апошнія гады была завучам школы. Сапраўдны настаўнік, старэйшы таварыш і сябар, яна заўжды жадала ўсім дабра. Працавала ў школе да 1999 г.

крево2.jpg
Настаўнікі-ветэраны Раіса Макараўна СТАСІЛОВІЧ, Раіса Аляксееўна КАПЫШ, Тамара Андрэеўна ЖУКОЎСКАЯ (фота 2005 г.).
З 1967 па 1971 гады педагагічны калектыў узначальвала Тамара Андрэеўна Гарбарчук. Таленавіты і мудры кіраўнік і педагог, выдатны арганізатар вучэбна-выхаваўчага працэсу. На плечы Тамары Андрэеўны лягла задача па папаўненні матэрыяльна-тэхнічнай базы новай школы, добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі.

У 1968 г. у школе створаны гісторыка-краязнаўчы музей. Загадчыкамі музея ў розныя часы былі Н. Несцяронак, В. Скварцоў, В. Шоць, А. Камінскі, І. Ясінская.

У 1971 годзе на пасаду дырэктара школы быў прызначаны В. М. Скварцоў. Валерый Міхайлавіч заўжды знаходзіўся ў руху і творчым пошуку. Пры ім з’явіліся ў школе Зала казак, Пантэон Славы, дэндрарый, была створана новая экспазіцыя краязнаўчага музея.

З 1976 года разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі выпускнікі школы пачалі атрымліваць пасведчанне трактарыста. З 1978 па 2009 гг. пасведчанне атрымалі больш за 500 вучняў. Будучых спецыялістаў рыхтавалі А. А. Жукоўскі і М. І. Маршалак.

У 1980 г. каманда школы заняла першае месца ў абласным тэле-візійным конкурсе “Мой родны кут”. У складзе каманды былі вучні: Г. Міханчык, А. Камінскі, В. Астаповіч, Т. Чарнецкая. Рыхтавалі каманду М. Лось і С. Жук.

З 1991 па 2003 гады дырэктарам школы працаваў А. Мокіч. Вялікую ўвагу надаваў абнаўленню вучэбна-выхаваўчага працэсу. Пры ім у 2000 годзе школа атрымала статус аграрнай. На павышаным узроўні вялося выкладанне хіміі і біялогіі. Аляксандр Яфімавіч распачаў камп’ютарызацыю школы. Значна абнавіліся многія вучэбныя кабінеты.

У 1993 годзе ў родную школу прыйшоў працаваць настаўнікам французскай мовы А. М. Камінскі. Таленавіты і мудры педагог. Яго вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных алімпіяд. Акрамя французскай мовы галоўным захапленнем у жыцці Аляксандра Мікалаевіча стала краязнаўчая дзейнасць, а менавіта гісторыя Крэва. Аляксандрам Камінскім была створана ў 2002 годзе новая экспазіцыя школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, сабраны багаты матэрыял па гісторыі роднага мястэчка і крэўскай школы. Частка матэрыялаў выкарыстана ў гэтым артыкуле.

крево3.jpg
Дырэктар школы Таццяна КАПЫШ.
З 2003 па 2010 гады дырэктарам школы працаваў С. Капыш, выпускнік Крэўскай школы (1985 г.). Чалавек высокай культуры, вельмі патрабавальны да сябе і работнікаў. Разам з новым дырэктарам у школу прыйшла працаваць цэлая каманда таленавітых педагогаў: Ж. Я. Малаха, В. М. Масілевіч, Я. Э. Ганчарык, Н. В. Сташкевіч, І. Г. Ясінская, Т. І. Трус, В. І. Кляўцова.

Дырэктар распачаў сваю працу з умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы школы і добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі. Прыярытэтным кірункам у школе стала гісторыка-краязнаўчая дзейнасць. У 2008 г. школьны гісторыка-краязнаўчы музей атрымаў статус народнага. Каманда школьнікаў была неаднаразовым прызёрам і пераможцам раённых і абласных гісторыка-краязнаўчых конкурсаў і алімпіяд.

У 2010 годзе школа і дзіцячы сад рэарганізаваны ў вучэбна-педагагічны комплекс “Крэўскі яслі-сад — сярэдняя школа”.

З 2010 года дырэктарам школы працуе Таццяна Францаўна Капыш.

Сёння адукацыйны працэс ажыццяўляюць 3 выхавальнікі, 23 настаўнікі. У дзіцячым садзе – 24 выхаванцы, у школе — 112 вучняў. З аддаленых вёсак 73 навучэнцы падвозяцца на заняткі на трох школьных аўтобусах.

крево4.jpg
Валянціна КАЙРЫС выкладае беларускую мову.

крево5.jpg
Настаўнік гісторыі Міхаіл МІХАЛЬКЕВІЧ (выпускнік школы 1981 г.).

крево6.jpg
Настаўніца пачатковых класаў Алена ПЕТУХ.

крево7.jpg
Наш дружны калектыў.

Ідзе час. Завяршаецца адзін навучальны год, пачынаецца новы. Змяняюцца пакаленні вучняў і педагогаў. І сёння школа працягвае добрыя традыцыі, выпраўляе ў свет ведаў новых выпускнікоў, якім жыць і тварыць у 21 стагоддзі.

Міхаіл МІХАЛЬКЕВІЧ,
загадчык народнага гісторыка-краязнаўчага музея.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА і з архіва школы.

Источник - shliah.by

Возврат к списку