Прыгажосцю ратуючы свет

Прыгажосцю ратуючы свет 12.10.2015

Прыгажосцю ратуючы свет

Іх пазнаюць у твар, таму што прафесія вымагае быць на віду. Нават пераапранаючыся ў новыя строі ці прадстаючы перад гледачамі ў новым вобразе, яны застаюцца ў памяці людзей яшчэ і сваёй адметнай пазітыўнасцю. Маці і дачка, Жанна Бартош і Вікторыя Камінская — сапраўды каштоўнае ўпрыгожванне і абаяльны твар смаргонскага аддзела культуры.бартош ц

На сустрэчу ў раённы Цэнтр культуры, пра якую дамовіліся загадзя, Жанна прыехала з Крэва ў свой выхадны дзень, але папярэдзіла, што мае мала часу, бо яна ў райцэнтры яшчэ і па абавязках, звязаных з цяперашняй яшчэ адной пасадай – сакратара Крэўскай выбарчай камісіі па акрузе №32. Вікторыя толькі вярнулася з занальнага тура конкурсу “Малады спецыяліст-2015”, дзе яна стала пераможцай у намінацыі “Лепшы па прафесіі”. У тым, што яна лепшая, можна не сумнявацца, бо да конкурсу, па словах галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марыі Клуйшы, канкурсантка рыхтавалася ўсяго некалькі гадзін. Аўрал здарыўся з-за хваробы маладога спецыяліста, які павінен быў прадстаўляць наш раён на конкурсе. Быць што называецца на ўзроўні мог толькі чалавек, які ў любы момант гатовы прадэманстраваць свой прафесіяналізм. Але ж для лепшай вядучай Смаргонскага краю — гэта не праблема. Ды і вопыту ў такіх аўральных сітуацыях у яе з дзяцінства хапае. Яна ж – дачка работніка культуры!

Вікторыі ледзьве споўнілася пяць гадкоў, калі адбыўся яе дэбют на сцэне. Звычайная роля без слоў. Проста захварэла дзяўчынка, што павінна была сыграць крыску-Ларыску на навагоднім свяце, і Жанна Бартош, дырэктар Дома культуры ў Крэве, замяніла яе сваёй маленькай дачушкай. Дзяўчынцы так спадабалася быць у цэнтры ўвагі і атрымліваць апладысменты, што яна дазволіла нават імправізацыі, чым яшчэ больш заахвоціла прысутных. З таго часу дзіця, што фактычна расло за кулісамі, прымерыла на сябе шмат роляў і розных амплуа. З дванаццаці гадоў была пастаяннай Снягуркай на навагодніх святах, на імпрэзах і канцэртах дэманстравала талент вядучай і артысткі ў розных жанрах. Удасканальвала сцэнічную гутарковую мову, праводзячы экскурсіі ў краязнаўчым музеі Крэўскай сярэдняй школы. Нават арганізоўвала разам са сваімі школьнымі сяброўкамі дыскатэкі для дзяцей. А рашэнне з выбарам прафесіі культработніка было абсалютна заканамерным. Нават меркаванне маці, якая не хацела для Вікі складанай долі і параіла ёй вучыцца на журналіста, не перамагло. Прайшоўшы субяседаванне ў інстытуце журналістыкі, абітурыентка забрала дакументы і накіравалася ва ўніверсітэт культуры.

Жыццёвы шлях у сферу культуры для Жанны Бартош быў куды больш працяглы і выкрутасты. Па спецыяльнасці яна тэхнік-тэхнолаг. Пасля заканчэння тэхналагічнага тэхнікума ў Вільнюсе працавала ў Доме друку. Але больш як дваццаць гадоў таму лёс карэнным чынам перамяніўся, і Жанна прыехала на пастаяннае месца жыхарства ў Крэва, дзе жылі яе бацькі. Работы па спецыяльнасці ў нашым раёне не знайшлося, і яна пагадзілася на пасаду дырэктара мясцовага клуба. Пра тое, што жанчына аказалася на сваім месцы, сведчыць не толькі 24-гадовы стаж работы, але і шматлікія заахвочванні, граматы і дыпломы, атрыманыя на разнастайных аглядах-конкурсах і фэстах, дзе бяруць удзел мясцовыя самадзейныя артысты.

Быць завадатарам цікавых гульняў і конкурсаў як для дачкі, так і для маці — не проста прафесія. Гэта прызванне. Таму Вікторыя і пагадзілася на пасаду кіраўніка народнага тэатра гульні “Завадатар”, а Жанна пастаянна ўдзельнічае ў традыцыйных конкурсах гульнёвых праграм, што ладзяцца культработнікамі раёна. Як загадчыца аддзела культурна-асветніцкай работы раённага Цэнтра культуры, Вікторыя мае магчымасць для прымянення на практыцы ўсіх ведаў, набытых падчас вучобы ва ўніверсітэце культуры. І хочацца верыць, што яе намаганні будуць спрыяць цікаваму культурнаму адпачынку жыхароў нашага краю.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, источник - "Светлы Шлях"

Возврат к списку