Колькасная характарыстыка
ДУА "ВПК Крэўскі яслі-сад-сярэдняя школа" функцыяніруе з 1966 года. У структуру ўстановы адукацыі ўваходзяць 11 класаў-камплектаў і 2 групы выхаванцаў, у якіх навучаецца 168 вучняў. Установа працуе ў адну змену.
Асаблівасці кіравання
Адміністратыўнае кіраўніцтва ўстановай, рэалізацыю мэт і задач забяспечвае дырэктар і яго намеснікі. Асноўнай функцыяй дырэктара з’яўляецца каардынацыя намаганняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу праз педагагічны савет, папячыцельскі савет. Намеснікі дырэктара рэалізуюць аператыўнае кіраванне адукацыйным працэсам і здзяйсняюць матывацыйна-мэтавую, інфармацыйна-аналітычную, планава-прагнастычную, арганізацыйна-выканаўчую, кантрольную і ацэначна-рэзультатыўную функцыі.
Матэрыяльна-тэхнічная база
Агульная плошча ўстановы - 1960 квадратных метраў, на якой размешчаны 11 вучэбных кабінетаў, 1 лабаранцкая, 1 кабінет інфармацыйных тэхналогій і замежных моў, 2 вучэбныя майстэрні (сталярная, слясарная, абслугоўваючай працы і кулінарыі), бібліятэка, кнігасховішча, спартыўная зала, 4 памяшканні для размяшчэння ўпраўленчага і настаўніцкага складу, буфет, сталовая, стадыён, гісторыка-краязнаўчы музей.
Гістарычная даведка аб школе ў вёсцы Крэва
Першыя звесткі пра школу ў Крэве адносяцца да далёкага 1636 года. У той год паўстаў у Крэве новы будынак касцёла. Сярод касцельнай маёмасці, запісанай у інвентарную кнігу, значыцца і будынак школы, які размяшчаўся побач з плябаніяй. Праўда, невядома, колькі дзяцей навучалася там, з якіх сем'яў яны паходзілі. Але ёсць звесткі, што ў 1782 годзе ў школе пры крэўскім касцёле спасцігалі навуку 20 вучняў. Цікава, што сярод іх былі прадстаўнікі розных пластоў насельніцтва. Так, дзяцей са шляхецкіх сем'яў было столькі ж, колькі і з сялянскіх – па 6 чалавек. Астатнія 8 вучняў паходзілі з мяшчанскіх сем'яў.Як бачым, нямногія тады мелі магчымасць спасцігаць адукацыю. З гадамі, калі нашы землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, сітуацыя пагоршылася яшчэ больш. Ужо ў самым пачатку 19 ст. у школе пры крэўскім касцёле навучаліся штогод толькі 4 – 7 вучняў. Ці былі такія ж школы пры праваслаўнай і ўніяцкай цэрквах, якія таксама існавалі ў Крэве – пра гэта невядома. Прынамсі, да 1899 года, калі пры царкве св. Аляксандра Неўскага была адчынена аднакласная царкоўнапрыходская школа. У сярэдзіне 19 ст. па ўсёй Беларусі адчыняецца сетка свецкіх пачатковых школ. Вось і ў Крэве ў 1846 годзе было заснавана народнае вучылішча. На час яго адкрыцця тут налічвалася 70 вучняў і працавала двое выкладчыкаў. Матэрыяльная база школы была сціплай: у бібліятэцы налічвалася ўсяго 69 кніг, пропісаў было толькі 35. Народнае вучылішча стаяла на вуліцы Багданаўскай. Усе чатыры класы вучылішча размяшчаліся ў адным вялікім пакоі. За доўгімі партамі сядзелі па 6-8 чалавек. На паўтары сотні вучняў было ўсяго двое настаўнікаў. Адзін з іх, Верамей, быў адначасова дырэктарам. Ён выкладаў у 3-4 класах. У 1-2 класах працавала маладая настаўніца па прозвішчу Казак. Акрамя іх на Закон Божы прыходзілі праваслаўны святар Цяжлоў і ксёндз Асціловіч. Па ўзросце дзеці былі розныя: па 17-19 гадоў. Дяўчынак было не больш дзесяці. Гэта былі каталічкі, а для дзяўчынак з праваслаўных сем'яў прызначалася царкоўна прыходская школа, дзе заняткі праводзіў святар Плаўскі. У канцы чацвёртага года навучання праводзіліся экзамены, на якія прыязджала камісія з Ашмянаў і са Смаргоні. Вучні, якія паспяхова здавалі іспыты, маглі працягваць вучобу ў гарадскіх вышэйшых пачатковых вучылішчах альбо ў Барунскай двухкласнай школе, з якой можна было паступіць у настаўніцкую семінарыю.
Пра навучанне дзяцей з Крэва ў час вайны не магло быць і размовы. З гадамі сціхлі трывогі і неразбярыха, а наш край апынуўся па волі палітыкаў у складзе Польшчы. На змену русіфікацыі прыйшла паланізацыя. У новай школе, якая была пабудавана крыху вышэй ад вуліцы Багданаўскай, выкладанне вялося на польскай мове. Беларускую мову забаранялася ўжываць нават на перапынках. Насельніцтва Крэва расло, у школе рабілася цесна, таму пад класы пачалі прыстасоўваць іншыя будынкі па ўсяму мястэчку. Навучанне ў школе працягвалася 6 гадоў. Аднак абавязковай была толькі пачатковая адукацыя, і многія кідалі вучобу пасля першага ці другога класа, трэба было дапамагаць бацькам у гаспадарцы. Сярод настаўнікаў тагачаснай Крэўскай школы, якія прыбылі сюды у асноўным з глыбіні Польшчы, было шмат адданых справе людзей. З павагай успамінаюць крэўчане старэйшага пакалення педагогаў Яна Рабайчыка, Ірэну Аляхновіч, Бандаровіча, Сантоцкага, Антуса і іншых. Вучні, якія поўнасцю праходзілі курс навучання ў Крэўскай школе, атрымоўвалі грунтоўныя веды. Многія з іх працягвалі вучобу ў Ашмянскай гімназіі, пасля паступалі ў Віленскі універсітэт і іншыя навучальныя ўстановы. Значную частку жыхароў Крэва ў даваенны час складалі яўрэі. Яны мелі сваю школу, дзе акрамя асноўных прадметаў выкладалі іўдзейскую рэлігію і іх родную мову.
Будынак старой школы