У самых истоков | 13 в.-1264 г.

История крево  /  Летопись  /  У самых истоков | 13 в.-1264 г.

У самых истоков | 13 в.-1264 г. Да нашага часу не спыняюцца спрэчкі гісторыкаў аб тым, дзе на самой справе знаходзілася напаўлегендарная Нальшанская зямля. Значная частка даследчыкаў прытрымліваецца думкі, што яна ляжала на паўночным захадзе Беларусі. Да іх ліку адносіўся і Мікола Ермаловіч. Валодаючы інтуітыўным чуццём, а таксама абапіраючыся на факты, пачарпнутыя са старажытных крыніц і з навуковых прац папярэднікаў, ён даводзіў, што Нальшаны размяшчаліся ў басейне Заходняй Бярэзіны, якраз на тым месцы, дзе пазней утварылася Крэўскае княства. Больш таго, ёсць звесткі, што адна з нямецкіх хронік ХІІІ стагоддзя менавіта Крэва называе сталіцай Нальшанаў. Такім чынам, нальшанскага князя Даўмонта, пра якога пойдзе гаворка далей, можна лічыць першым вядомым нам крэўскім князем.

На думку Міколы Ермаловіча, карэннымі насельнікамі Нальшанаў былі балты. Аднак на гэтую тэрыторыю вельмі рана праніклі славяне-крывічы, аб чым гавораць такія мясцовыя тапонімы, як Крэва, Крыўск, Краўлянка, Закрэўе. Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя Крэўская зямля была месцам супольнага пражывання балтаў і славян.

Верагодна, да часоў Нальшанаў адносіцца Крэўскае гарадзішча. Яго земляныя валы, якія захаваліся да нашага часу, відаць, былі тады дапоўнены драўлянымі ўмацаваннямі. Каменнага замка ў Крэве яшчэ не было, і гарадзішча, хутчэй за ўсё, выконвала функцыю рэзідэнцыі нальшанскага князя, а ў час варожых набегаў тут хавалася ўсё мясцовае насельніцтва. Каб вытрываць працяглую асаду, унутры гарадзішча меўся глыбокі калодзеж. Яго рэшткі можна было назіраць яшчэ ў 19 стагоддзі.

Акрамя спусташэнняў, якія неслі набегі іншаземцаў, зямля наша зведала і кроў міжусобіц. Феадалы, маючы ўладу і землі, заўжды імкнуліся завалодаць большым. Дасягаючы сваіх мэтаў, яны нават у адносінах да сваіх родзічаў і суседзяў не цураліся ні здрады, ні вераломства. Старажытныя хронікі даносяць да нас звесткі пра складаныя стасункі паміж нальшанскім князем Даўмонтам і ўладарамі суседніх літоўскіх земляў.

У сярэдзіне XIII стагоддзя на прасторах Еўропы зараджаецца новая дзяржава - Вялікае княства Літоўскае. Пачатак яго ўтварэнню паклаў князь Міндоўг, далучыўшы да сваіх літоўскіх уладанняў Наваградскую зямлю і ўладкаваўшы свайго стаўленіка ў Полацку.

Першыя поспехі натхнілі Міндоўга на далейшыя дзеянні, і яго погляды скіраваліся на іншыя суседнія землі. I калі Наваградак быў далучаны да Літвы мірным шляхам, то іншыя суседзі не жадалі на дабраахвотнае падпарадкаванне. Адной з такіх непакорлівых земляў, якая доўга трымалася незалежнасці, і былі Нальшаны.

Нальшанскі князь Даўмонт быў саюзнікам Міндоўга, але не збіраўся ісці да яго ў поўнае падпарадкаванне. Літоўскі ж князь імкнуўся любым чынам далучыць да сваіх уладанняў Даўмонтаву вотчыну. Каб дасягнуць сваіх мэтаў, ён выкарыстоўвае часовыя цяжкасці, якія напаткалі Крэўскую зямлю ў 1258 годзе. Тады Нальшаны ператрывалі спусташальны набег войскаў мангола-татарскага хана Бурундая і валынскага князя Васількі Раманавіча. Не паспеў Даўмонт ачуняць .ад набега, як адчуў на сабе маральны ўціск з боку літоўскага князя. Пасля смерці сваёй жонкі Марфы Міндоўг пажадаў ажаніцца з яе сястрой, якая ўжо была замужам за Даўмонтам, і гвалтоўна адабраў яе ў крэўскага князя. Свой учынак ён тлумачыў тым, што гэтага жадала перад смерцю Марфа. Але хутчэй за ўсё, Міндоўг рабіў Даўмонту выклік. Аслеплены крыўдай, той мог пайсці на вераломнага саперніка, і, аслаблены татарскім набегам, вымушаны быў бы прайграць змаганне. Такім чынам, Міндоўг застаўся б чыстым, і без асаблівых намаганняў завалодаў бы Нальшанамі.

Аднак жа, Даўмонт прамаўчаў, нібы дараваў крыўду. I ніхто нават не падазраваў, што за знешнім спакоем хаваецца прага помсты. I ў 1263 годзе, змовіўшыся з князямі Транятай і Таўцівілам, Даўмонт забіў Міндоўга разам з двумя яго малодшымі сынамі.

Пасля смерці Міндоўга яго месца заняў Транята, адзін са змоўшчыкаў. Толькі княжанне яго цягнулася не доўга - праз год яго забілі прыхільнікі былога літоўскага ўладара. На трон ўзыйшоў Войшалк, старэйшы Міндоўгаў сын. Помсцячы за бацьку і братоў, ён напаў на Налышаны, захапіў іх і перадаў полацкаму князю Гердзеню. На гэтую перадачу Войшалк пайшоў па палітычных матывах: такім чынам ён прадухіліў збліжэнне Полацка са Псковам.

А Даўмонт жа вымушаны быў са сваім акружэннем у складзе 300 чалавек пакінуць Нальшаны і перабрацца ў той жа Пскоў. Там ён прыняў праваслаўе пад імем Цімафей і быў абраны пскоўскім князем. I ўжо з 1266 года Даўмонт-Цімафей пачынае паходы супраць Полацка, дзе княжыў цяперашні уладар ягоных земляў.

Для свайго першага пахода Даўмонт выбраў зручны момант, калі Гердзень у Полацку адсутнічаў. Магчыма, той знаходзіўся ў Нальшанах. Даўмонт абрабаваў Полацкую зямлю, паланіў многа народу, а сярод іншых у палон папалі жонка Гердзеня і двое яго сыноў. Пасля гэтага ён накіраваўся ў зваротны шлях на Пскоў. Гердзень, вярнуўшыся ў Полацк і ўбачыўшы жахлівыя сляды нападу, вырашыў дагнаць Даўмонта і пакараць яго. А той і не падазраваў аб пагоні. Большую частку свайго войска ён адправіў з нарабаваным і палоннымі ў Пскоў, з сабой пакінуў толькі 90 ратнікаў. У войску Гердзеня, калі ён нагнаў Даўмонта, налічвалася ажно сем соцень воінаў. Але нягледзячы на значную перавагу ў сіле, полацкі князь атрымаў паражэнне і ні з чым вярнуўся ў Полацк.

Другі паход Даўмонта ва ўдаданні Гердзеня быў не такім удалым, а вось у час трэцяга, у 1267 годзе, калі разам з пскавічамі прыйшлі наўгародцы, палачане ізноў атрымалі паражэнне, а сам Гердзень на гэты раз быў забіты.

Адпомсціўшы полацкаму князю, Даўмонт вярнуўся ў Пскоў. Ён ужо і не збіраўся змагацца за свае былыя ўладанні, а тым больш вяртацца туды. Ён карыстаўся павагай у пскавічоў, і ў адказ на гасціннасць і давер служыў ім верай і праўдай, абараняючы Пскоўскую зямлю ад крыжакоў.

Памёр Даўмонт-Цімафей у 1299 годзе. Пасдя смерці ён быў кананізаваны праваслаўнай царквой.

А літоўскім князям яшчэ доўгі час даводзілася змагацца з непакорлівымі нальшанскімі феадаламі. Адзін з іх - Суксе - уцёк да крыжакоў і на працягу 1272 - 1274 гадоў прымаў удзелы ў паходах на землі Нальшаў і Аўкштайціі. Другі, якога звалі Пялюза, таксама скрьшаўся ў крыжакоў і адтуль рабіў разбойніцкія напады на землі былой радзімы. У час аднаго з такіх набегаў на Нальшаны яму ўдалося захапіць і забіць 70 старэйшын, якія сабраліся на вяселле. I толькі ў 1314 годзе Пялюза быў захоплены Гедымінам і пакараны смерцю.

Сын Даўмонта, вядомы як Давыд Гарадзенскі, пасля смерці бацькі перайшоў у Гродна, быў палкаводцам таго ж Гедыміна, нават з'яўляўся яго зяцем. Давыд праславіўся сваімі подзвігамі на карысць Вялікага княства Літоўскага.

А Нальшаны з цягам часу поўнасцю страцілі сваю самастойнасць, нават назва гэтай зямлі знікла з ужытку. І ў 1338 годзе, калі вялікі князь Гедымін дзеліць свае землі паміж сямю сынамі, Крэва ён аддае Альгерду. Гэта яшчэ раз даказвае, што былыя Нальшаны к таму часу былі ў поўным падпарадкаванні вялікага князя Літоўскага.

ХРОНОЛОГИЯ